Прысталiчча

Газета Минского района

За фестывалем фестываль



Узорны аматарскі калектыў – ансамбль народнай музыкі «Бараўлянская крынічка» адсвяткаваў 20-годдзе.
 
Мяняліся пакаленні, але засталася адданасць традыцыям, якія былі закладзены заснавальнікам і сённяшнім кіраўніком калектыву Алінай Горскай. 
 
На сваім творчым шляху Аліна Рыгораўна сустрэла на­дзейных, чулых, таленавітых паплечнікаў. Гэта хормайстры – спачатку Алена Тарасевіч, а пазней і да цяперашняга часу Надзея Вароніна. 
 
Сёння ў складзе калектыву – таленты ад 7 да 16 гадоў, усіх каля 30 чалавек. Музыканты «Бараўлянскай крынічкі» – дзеці і настаўнікі, а спява­юць – хлопчыкі і дзяўчынкі.
 
Падчас юбілейнага канцэрта ў Лескаўцы, на сцэне Бараўлянскай СШ №3, звярнулі на сябе ўвагу самыя юныя ўдзель­нікі – падрыхтоўчая група «Бараўлянскай крынічкі». Артысты заслужылі самай высокай пахвалы… 
 
Выказалі словы павагі тым, хто ў 2000-м выйшаў на сцэну тагачаснага ЦНІЛА, гэта на тэрыторыі абласной бальніцы, дзе адбылося першае выступленне ансамбля. Удзельнікаў таго калектыву ўспомнілі на свяце. Cярод іх – Марына Усеня, якая іграла на цымбалах. Яна выбрала прафесію медыка. Павел Харашылаў калісьці ўпэўнена націскаў на кнопачкі баяна, а сёння працуе ў «Бел­тэлекаме». Ірына Горская сёння выкладчык па класу цымбалаў. А пачаўся шлях Ірыны ў «Бараўлянскай крынічцы» з дудачкі. І дагэтуль дапамагае калектыву. 
 
На свята запрасілі і іншых удзельнікаў ансамбля, якія колісь выступалі ў «Бараўлянскай крынічцы». Гэта Паліна Машко, Кацярына Зайчанка, Аляксандра Горская, Анастасія Поратава, Вікторыя Несцяровіч, Ганна Арцюкевіч, Кацярына Палякова, Аксана Мілановіч, Вольга Салаўёва, Вікторыя Фомчанка, Анастасія Кур’ян, Арцём Змітровіч, Андрэй Даніленка, Дзяніс Бабкоў, Аляксей Разуванаў.
Цеплыня і шчырасць панавалі ў зале падчас свята. Заключным акордам вечара стала песня Аліны Горскай на словы Еўдакіі Лось «Бараўляны, Бараўляны». 
 
Між іншым
 
Ансамбль актыўна прымаў і прымае ўдзел у фестывалях і конкурсах рознага ўзроўню. Калектыў двойчы станавіўся лаўрэатам прэстыжнага фестывалю народнай творчасці Мінскай вобласці «Напеў зямлі маёй» (Мар’іна Горка). У 2012 годзе ансамбль прадэманстраваў фрагмент абраду «Дажынкі». Каб рэалізаваць сваю творчую ідэю на сцэне, каманда артыстаў пры падтрымцы добрых памочнікаў – бацькоў паехала на свята са сваёй хатай, з сапраўднымі багатымі сталамі і лавамі, снапом ды з прыгожымі галасістымі жнеямі. За сваё майстэрства артысты атрымалі не толькі дыплом лаўрэата, але і каштоўны прыз – камп’ютар.
Трапяткім і глыбокім атрымалася выступленне «Бараўлянскай крынічкі» падчас фестывалю – 2018. На суд прафесійнага журы была прадстаўлена музычна-тэатралізаваная пастаноўка «Сказ аб вечным». У аснову ідэі пакладзены жыццёвы шлях чалавека. І зноў дыплом лаўрэата і падарунак – ноутбук.
 
 Увогуле, шмат дыпломаў і ўзнагарод мае сёння «Бараўлянская крынічка». Яна лаўрэат IV рэспубліканскага конкурсу музычнага мастацтва Беларусі «Спадчына» (Заслаўе). Лаўрэат II і III конкурсу беларускай песні «Фальклорны MIX», які штогод прахо­дзіць на базе каледжа мастацтваў у Мінску. Лаўрэат II Кітайска-Еўрапейскага міжнароднага фестывалю мастацтваў «Адзін пояс – адзін шлях» (Мінск). Лаўрэат XIII міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» (Паставы). Лаўрэат XIV міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» (Клімавічы). Лаўрэат VII рэспубліканскага творчага радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі».
 
Калектыў з’яўляецца неаднаразовым удзельнікам фолк-фэсту «Камяніца» ў Беларускім дзяржаўным музеі архітэктуры і побыту, удзельнікам і лаўрэатам міжнародных фестываляў у Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Літве.
 
У жніўні гэтага года ансамбль збіраецца на чарговы міжнародны фестываль у Польшчы «Вадаспад талентаў».
 
Вядома ж, за гэтымі поспехамі шмат працы, шмат рэпетыцый. Таму настаўнікі, са свайго боку, у пошуку цікавых ідэй, каб зрабіць больш разнастайным вольны час дзятвы. 
 
Хочацца пажадаць артыстам чарговых поспехаў і перамог, настаўнікам – натхнення і творчага плёну. 

Оставить комментарий: