Прысталiчча

Газета Минского района

«Скарбы світання» і партрэт заслаўчанкі



У гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе» адкрылася выстава жывапісу і скульптуры Настассі і Аляксея Урублеўскіх «Скарбы світання». 
 
Аляксей Урублеўскі нарадзіўся ў 1983 годзе ў Ваўкавыску, на Гро­дзеншчыне. У 2010 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Зараз вучыцца ў Польшчы, у Варшаўскай акадэміі мастацтваў. З 2003 года актыўны ўдзельнік выстаў і пленэраў не толькі на радзіме, але і за яе межамі. 
 
Настасся Урублеўская нарадзілася ў 1984 годзе ў гора­дзе Салігорску, на Міншчыне.  У 2009 годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. З 2004 года актыўна выстаўляецца ў Беларусі і ў суседніх краінах.
 
Мастакі пазнаёміліся на выступленні батлейкі ў сталіцы. Аляксей уваходзіў у трупу батлейкі пры Мірскім мастацкім каледжы, іграў на сцэне. Настасся – адданая паклонніца народнага тэатра лялек, прыйшла паглядзець інтэрмедыю, у якой быў задзейнічаны Аляксей. У сямейным архіве захаваўся здымак іх першай сустрэчы. Але больш блізкае знаёмства адбылося пазней, падчас вучобы ў Акадэміі мастацтваў. Спачатку перапляліся жыццёвыя пуцявіны Аляксея і Настассі, а потым і творчыя. Першую сумесную выставу арганізавалі ў Лідзе, дзе зараз жывуць. Потым быў Мінск. Выстава ў Заслаўі – трэцяя сумесная прэзентацыя жывапісу Настассі і скульптуры Аляксея. 
 
– Першы раз я пабачыла Заслаўе, калі вучылася ў каледжы, мы прыехалі на рыцарскі фестываль, – расказвае Настасся. – Ступіла на заслаўскую зямлю і адчула: гэта блізкі, родны мне горад. Мне захацелася жыць тут, і я ўгаварыла бацькоў пераехаць у Заслаўе. Але так здарылася, што пасля я перабралася за мужам у Ліду. Узнікаюць думкі зноў вярнуцца ў Заслаўе. Таму мы і вырашылі арганізаваць выставу тут, каб пазнаёміцца з яго жыхарамі, мясцовымі мастакамі.
 
Настасся прадставіла каля 20 карцін у розных тэхніках – алей, энкаўстыка. Адну работу прысвяціла Заслаўю. Чатыры дзяўчыны ў прыгожых сукенках гукаюць вясну, а на гарызонце бялеюць архітэктурныя жамчужыны старажытнага горада – Спаса-Праабражэнсая царква і касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. На пытанне, якое палатно любімае, Настасся адказала: «Марыя». Гэта партрэт на дэкаратыўным фоне заслаўчанкі Марыі, якая пазнаёміла Аляксея з Настассяй. 
 
– Гэта такі ёй ад мяне падарунак, – усміхаецца мастачка. 
 
Аляксей пазнаёміў заслаўскую культурную грамадскасць з некалькімі скульптурамі. Гэта і гіпс, і бронза, і нават фольга. 
Мастакі патлумачылі назву выставы – «Скарбы світання»: «Світанак –  сімвал жыцця, сімвал пачатку, сімвал нараджэння.  Дзіўны час, калі свет абуджаецца ад начнога сну, і ўсё наваколле ажывае.  Бывае,  калі ты прачынаешся перад світанкам, усё яшчэ спіць, і лінію гарызонту толькі-толькі пачало пранізваць пунсовае святло. Розум чысты і свежы, на душы невымоўная лёгкасць і радасць ад таго, што адбываецца цуд світання. У гэты момант прыходзяць дзіўныя, цудоўныя вобразы, ідэі, азарэнні. І адказы».
 
Куратар выставы – Вольга Зязетка, старшы навуковы супрацоўнік гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе». 
 
– Вольга – прыемны і блізкі нам па духу чалавек. Праца­ваць з ёю была адна асалода, – кажа пра Вольгу Настасся. 
Вольга Зязетка ўпэўнена: «Кожнаму з нас часам важна бывае ведаць,  што за цемраю  заўсёды прыходзіць світанак. Усё зменіцца, праясніцца, і тыя пытанні, на якія шукаем адказы, адкрыюцца нам. Пра гэта работы Настассі і Аляксея. Іх выстава абуджае на­дзею, веру ў лепшае, нараджае мары і дорыць натхненне, чалавечую цеплыню і дабрыню».
Выстава будзе працаваць да 4 мая. 
 
Светлана Ващило

Оставить комментарий: