Прысталiчча

Газета Минского района

Школа юных талентаў



 Многія заслаўчане, як і раней, называюць гэтую вядомую ў горадзе і раёне навучальную ўстанову проста: дзіцячая музычная школа. Хаця яна цяпер не толькі афіцыйна, але і па змесце з’яўляецца дзіцячай школай мастацтваў. Бо акрамя музіцыравання і спеваў здольных хлопчыкаў і дзяўчынак тут вучаць мастацтву харэаграфіі і жывапісу. Усе педагогі і вучні школы актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці Заслаўя і Мінскага раёна. Амаль што ніводнае культурнае мерапрыемства горада і раёна не абыходзіцца без іх выступленняў. Думаецца, нездарма ДШМ два апошнія гады запар рашэннем Заслаўскага гарвыканкама заносіцца на гарадскую Дошку гонару. Ды што там горад! Па ўзроўні выканаўчага майстэрства, асабліва што тычыцца музычнага аддзялення, выхаванцы Заслаўскай ДШМ даволі часта на розных абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных творчых конкурсах абыходзяць сваіх канкурэнтаў з іншых падобных устаноў, якія, вобразна кажучы, у табелі аб рангах значна вышэй, чым заслаўская школа. 

Пра ўсё гэта і не толькі наша размова з дырэктарам школы Валерыем Пятровічам Шкурскім.

— Валерый Пятровіч, сёлета ў вас асабіста і ў установы, якой вы кіруеце, пэўныя круглыя даты?

— Так, першага верасня споўнілася роўна дзесяць гадоў, як я працую на гэтай пасадзе. Але, галоўнае, нашай школе таксама 1 верасня дакументальна споўнілася 55 гадоў. Хаця юбілей мы будзем адзначаць у сакавіку наступнага года у вялікай канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Дакладная дата таксама вядома, але пакуль не буду яе называць. А зараз хачу нагадаць пра некаторыя добрыя падзеі і поспехі, якімі быў для нас адзначаны 2014 год. У нас працуюць тры аддзяленні: мастацкае, музычнае і харэаграфічнае. На сённяшні дзень у школе займаюцца 455 вучняў. Апошнія гады паказалі, што дзеці вельмі добра прафесійна падрыхтаваны. І гэта пацвярджаюць конкурсы, якія праходзяць у Мінскай вобласці, у рэспубліцы і за яе межамі. Напрыклад, сёлета праходзіў абласны конкурс музычных ансамбляў дзіцячых школ мастацтваў, які праводзіцца адзін раз у тры гады. І гран-пры дасталося нашаму знакамітаму ўзорнаму аматарскаму ансамблю скрыпачоў “MEZZO” (кіраўнік Алена Казлоўская, канцэртмайстар Сяргей Харчанка). Даволі цяжка заваяваць перамогу, намнога цяжэй яе ўтрымаць. І, ведаеце, нам гэта ўдаецца шэсць апошніх гадоў. Так што ёсць падстава сцвярджаць, што наш ансамбль скрыпачоў лепшы ў Мінскай воблаці. А ўзорны ансамбль цымбалістаў “Глорыя” (кіраўнік Ларыса Саўчук, канцэртмайстар Вераніка Хаткевіч) атрымаў на гэтым конкурсе Дыплом ІІ ступені, як і 4 гады таму. Першае месца занялі гаспадары — салігарчане. Пэўна, Заслаўе ў параўнанні з Салігорскам будзе, як 1 да 10. Мы таксама ўдзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе-фестывалі “Спадчына”, які праходзіць у Мінску кожныя два гады. І там таксама ці то займаем першае месца, ці то заваёўваем гран-пры. Калі ўзяць нашы іншыя конкурсы (я, у першую чаргу, маю на ўвазе тых, хто іграе на струнна-смычковых інструментах, а таксама навучэнцаў аддзялення харэаграфіі — спартыўна-бальныя танцы), то паўнацэннага летняга адпачынку фактычна не было ні ў выхаванцаў, ні ў педагогаў. Амаль не адпачываў летам і дырэктар. Таму што мы рыхтаваліся да рэспубліканскага свята — Дня беларускага пісьменства і друку, якое праходзіла ў Заслаўі 6—7 верасня. Да таго ж, у нас быў капітальны рамонт школы. Чым мы вельмі задаволены і дзякуем нашым уладам — і Заслаўскаму гарвыканкаму, і Мінскаму райвыканкаму, і абласным, і рэспубліканскім структурам. Раней тут, асабліва на трэцім паверсе, было няўтульна, холадна. Цяпер душа радуецца. Тое ж самае могуць сказаць і нашы вучні, і іх бацькі. Нам выпаў вялікі гонар: наш ансамбль скрыпачоў на галоўнай пляцоўцы прымаў удзел у адкрыцці свята. А наш ўзорны харэаграфічны ансамбль бальнага танца “Крок” (кіраўнік Аксана Кірэева) прымаў удзел ў гэтым свяце два дні. У пачатку навучальнага года ў нас пачалося праслухоўванне да абласнога тура міжнароднага конкурсу “Музыка надзеі”. Гэто ўжо 12-ты конкурс. І праходзіў ён у Гомелі. Там працавала вельмі аўтарытэтнае міжнароднае журы. На гэты раз у конкурсе бралі ўдзел юныя скрыпачы і піяністы. І вы ведаеце, двое нашых дзяцей, Ангеліна Лях і Соф’я Салаўёва (выкладчык Алена Казлоўская) і піяністка Аня Вярбіцкая (выкладчык Вераніка Крамарэнка) паспяхова прайшлі абласны тур і прымалі ўдзел у гэтым конкурсе. На яго з’ехаліся больш за 120 юных удзельнікаў — з Беларусі, Расіі, Малдовы, Латвіі, Украіны. І мы спаборнічалі з усімі нароўні. Хаця праграма была даволі складаная — сольныя выступленні доўжыліся па 15—20 хвілін. Але мы прайшлі ў другі тур, дзе, па ўмовах конкурсу, патрабавалася новая праграма. Нашы дзеці сталі дыпламантамі конкурсу “Музыка надзеі”.  На днях з Францыі прыехалі нашы танцоры — сем пар, якія спаборнічалі ў спартыўных бальных танцах (кіраўнік харэаграфічнага аддзялення Аксана Кірэева). Увогуле, Беларусь упершыню брала ўдзел у гэтым праекце. Там было больш за 50 пар ў кожным класе. Але нашы дзеці, Паліна Кірэева і Арцём Сокал, сталі чацвёртымі (прызавымі ў спартыўных бальных танцах лічацца месцы з першага па шостае). Паспяхова выступілі і іншыя нашы пары, а некаторыя ледзь-ледзь не дацягнулі да прызавых месцаў.

— Поспехі вашых выхаванцаў, лічу, амаль цалкам залежаць ад выкладчыкаў. Колькі іх у вас?

— 52 — асноўнага складу і 10 сумяшчальнікаў. Дарэчы, мяне хвалюе даволі новае для нас паняцце — “аптымізацыя”. У такой сферы як культура яно, лічу, далёка не заўсёды да месца. Мы ніколі не будзем багатымі, калі будзем шкадаваць грошай на развіццё культуры і адукацыі. Бо гэта — наша будучыня. Чым больш адукаванымі, свядомымі мы будзем, тым больш будзем мець розуму і здольнасцей да стваральнай працы. Гэта мая думка. І мяркую, са мной пагодзяцца вельмі многія. Практычна кожны вядомы артыст рабіў свае першыя крокі ў дзіцячай музычнай школе (цяпер намнога шырэй — дзіцячая школа мастацтваў). І я лічу, што будучыня — за такімі школамі.

— Вядома, у дырэктара шмат сіл і часу адымае работа ў ролі адміністратара і гаспадара. Але ж і музы будзяць творчую душу. Тым больш, калі ўся сям’я музычная, як у вас.

— Так, я іграю а кларнеце. Жонка, Ганна Станіславаўна, — на флейце. Яна, дарэчы, працуе ў школе выкладчыкам па сумяшчальніцтву дзявяты год. Вельмі дапамагае падымаць выканальніцкі ўзровень і ў нашай школе, і ў Маладзечанскім музычным каледжы, дзе яна выкладае 37 гадоў. Яна там салістка маладзёжнага сімфанічнага аркестра, якім кіруе апантаны чалавек Рыгор Сямёнавіч Сарока. Ён і дырэктар гэтай установы, і галоўны дырыжор аркестра. Старэйшы сын Віталь — трубач, працуе на пасадзе саліста дзяржаўнага аркестра “Няміга”. Малодшы сын Юра — валтарніст, працуе ў нашай школе. Ён ужо выхаваў двух вучняў, якія атрымалі матэрыяльную дапамогу Прэзідэнцкага фонду па падрымцы таленавітай моладзі. Калі надараецца вольная часіна, мы збіраемся ўчацвярох і музіцыруем. Мы з’яўляемся пераможцамі абласнога тура рэспубліканскага конкурсу сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці” і лаўрэатамі на яго заключным этапе, які праходзіў у Слоніме ў 2007 годзе. А здаецца, быццам было гэта ўчора... 

Мы ганарымся многімі, хто закончыў нашу школу. Сярод іх выканаўцы на духавых інструментах, народных, струнных народных, якія з,яўляюцца лаўрэатамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Хаця дырэктарская пасада адрывае мяне па розных гаспадарчых справах, але я стараюся таксама быць на сцэне, каб сваім прыкладам лепш выхоўваць вучняў. Хаця для нас, кіраўнікоў, ёсць пэўныя абмежаванні: выкладаць не больш за 10 гадзін у тыдзень, гэта значыць, працаваць выкладчыкам толькі на паўстаўкі. Нас радуе, што школа з кожным годам становіцца прыгажэй, утульней. Дзеля гэтага мы і жывём, каб нашых заслаўскіх дзяцей выводзіць на самыя высокія ступені мастацкай творчасці. 

   Міхась ВЯРГЕЙЧЫК.

 

Тема : Заслаўскія музы

Оставить комментарий: