Прысталiчча

Газета Минского района

Ганаровы грамадзянін Мінскага раёна — гэта званне належыць усім работнікам культуры



 У кастрычніку 50-годдзе творчай дзейнасці адзначыць ганаровы грамадзянін Мінскага раёна заслужаны работнік культуры Беларускай ССР, уладальнік Ганаровага знака Міністэрства культуры, кіраўнік Цэнтра народнай творчасці ў Прылуках, дацэнт Універсітэта культуры і мастацтва Леанід Аляксандравіч Волчак. Больш за тое, сваё 40-годдзе адзначыць створаны ім народны харавы калектыў “Мілавіца”. Звязаць жыццё з музыкай маэстру з Прылукаў было наканавана самім лёсам. Нарадзіўся ён у Чэрвенскім раёне, побач з сядзібай Манюшкі. Як і знакаміты зямляк, з любоўю да народнай  песні крочыць усё жыццё.  На працягу творчай дзейнасці працаваў з 18 харавымі калектывамі, пяць з якіх атрымалі званне народных. Таленавітаму і працавітаму чалавеку магчыма ўсё. Нават ператварыць напаўразбураныя графскія стайні ў цэнтр культуры. Падрабязнасці ў нашым інтэрв’ю.

— Леанід Аляксандравіч, раскажыце, калі ласка, дзе пачатак адрэзку цягам 50 гадоў?

— Пачатак сваёй творчай дзейнасці адлічваю ад паступлення на службу ў ансамбль песні і пляскі Бакінскай ваеннай акругі ў 1970 годзе, куды трапіў пасля другога курса музычнага вучылішча. Дарэчы, гэты ваенны ансамбль быў першым месцам працы Мусліма Магамаева, які прыйшоў туды ў 1962 годзе. А ў 1969-м у ім працаваў народны спявак Анатоль Ярмоленка. Гэта была складаная, але вельмі цікавая служба. З канцэртамі мы былі ў Іране, аб’ездзілі ўвесь Каўказ — ад Волгі да Чорнага мора, выступалі пасярод  туркменскай пустыні…

— А калі вы апынуліся ў прысталіччы?

— З 1972 года стаў працаваць у Мінскім раёне. Мяне накіравалі на працу ў вайсковую часць у пасёлку Дачным пад Міханавічамі. Там ужо быў хор, які выконваў народныя песні. І я закахаўся… Закахаўся ў беларускую песню. Але ж і збянтэжыўся. Я ж быў выхаваны ў акадэмічнай манеры, і як кіраваць гэтым калектывам, не разумеў. Вырашыў збегчы, але на прахадной затрымалі: камандзір загадаў не выпускаць з часці, пакуль не дам згоды. Так я застаўся з гэтам хорам на 18 гадоў. З той пары працаваў з мноствам калектываў і ў розных жанрах: дарослымі, дзіцячымі, студэнцкімі. Памятаю, як узімку прыйшоў працаваць у хор прадпрыемства “Стройіндустрыя”, а там размарозіліся батарэі, стаяў страшэнны холад. Але людзі ішлі, таму што ў іх было жаданне спяваць. На жаль, зараз спяваюць менш, і ўзровень выканальніцкага майстэрства стаў значна ніжэйшы, бо фанаграма зрабіла сваю справу…

Працу хормайстра сумяшчаў з выкладчыцкай дзейнасцю. Выкладаў у Мінскім музычным вучылішчы імя Глебава, у педагагічным Інстытуце на кафедры тэорыі музычнага выхавання, 20 гадоў аддаў Універсітэту культуры, дзе выкладаў дырыжыраванне і методыку працы з народным хорам.

А ў Прылукі трапіў таму, што мне было даручана стварыць калектыў — спадарожнік “Жыценя” ў Інстытуце аховы раслін. Так нарадзілася “Мілавіца”.

 Спадарожнік “Мілавіца”

— Сёлета “Мілавіца”адзначае ўжо 40-годдзе. Раскажыце пра свой калектыў. Хто ў яго ўваходзіць, колькі выканаўцаў змянілася, які рэпертуар, на якіх пляцоўках выступалі і дзе выступаеце цяпер?

— Першапачаткова ў склад “Мілавіцы” ўваходзілі супрацоўнікі Інстытута аховы раслін. Мы пачыналі працаваць, калі дырэктарам быў акадэмік  В. Ф. Самерсаў, які вельмі любіў музыку. Але пасля яго смерці са зменай кіраўніцтва змяніўся і расклад рэпетыцый. Людзям было нязручна, і ў хоры засталося ўсяго восем чалавек.  Калі я перайшоў у Цэнтр народнай творчасці, мы працягвалі збірацца там, і ў склад хору таксама ўвайшлі супрацоўнікі нашага цэнтра. Сярод артыстаў былі жыхары Прылукаў, навакольных вёсак, мінчане. Шмат хто з выканаўцаў прыйшоў у хор у 20-гадовым узросце, а зараз ім ужо 60. Увогуле нашым спевакам ад 22 да 84, але  сярэдні ўзрост 50 — 60 гадоў. Моладзі мала. Усяго нас 26 чалавек у  хоры і чатыры ў аркестравай групе. Аснову нашага рэпертуару складаюць беларускія народныя песні ў апрацоўцы. Большасць песень апрацаваў я сам, але таксама шырока карыстаюся апрацоўкамі маэстра Дрынеўскага (Міхаіл Дрынеўскі — мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусі імя Г. І. Цітовіча).

Мы выступалі на розных пляцоўках нашай краіны, ва Украіне, Польшчы, Германіі, Латвіі, Эстоніі. Але цяпер  выехаць на канцэрт усім калектывам вельмі цяжка — дорага. Таму канцэртаў у нас няшмат: 1-2 у паўгоддзе, і даём мы іх у Мінскім раёне.

Загадчык графскай стайні

— Леанід Аляксандравіч, будынак цэнтра невялікі, усё тут зроблена малымі сродкамі, але адчуваецца бясконцая праца і мастацкі густ: і ў тым, як аформлены стэнды,  як паклеены шпалеры і як падабраны фарбы. А якую спадчыну вы прымалі дзесяцігоддзі таму?

— Мне застаўся будынак былой стайні графа Чапскага без вокнаў  і дзвярэй. Я быў  у разгубленасці. З аднаго боку, Прылукі мне вельмі падабаліся, з другога — разумеў, што ўвесь цяжар працы ляжа на мае плечы, а разам са мной давядзецца трываць і сям’і. У той час я ўжо будаваў свой дом у Атоліне. Будаваў самастойна. Параіўся з жонкай, а яна і кажа: “Нам тут жыць. Пэўна, трэба брацца”. І я ўзяўся. З памочнікаў у мяне была толькі прыбіральшчыца, а пазней да нас далучылася кіраўнік школы габеленаў  М. А. Старасціна. Мы пазнаёміліся ў Інстытуце раслін, я ведаў пра яе захапленне, і яна згадзілася вучыць дзяцей у нашым цэнтры. Усё рабілі ўтраіх. Я прывёз станок і піліў рэйкі. Прыбівалі, фарбавалі, клеілі. Грошай не было, у каго доскі прасіў, у каго — фарбу.  Потым, калі стаў браць людзей на працу, адразу папярэджваў: будзеце дапамагаць з рамонтам. Усе згаджаліся. Але працы тут заўсёды шмат. Кожны раз прыходжу і думаю, што б яшчэ такое зрабіць.

—Леанід Аляксандравіч, бачу, што памяшканне невялікае, але вы стараецеся выкарыстаць кожны сантыметр, каб размясціць дзіцячыя працы. У вас тут і шыкоўны батык, і габелен, і саломка… Адразу бачна, што з дзецьмі шмат і заўзята працуюць. Як вы набіраеце кадры?

— Штогод мы праводзім невялікае сацыялагічная апытанне, каб даведацца, хто ў Прылуках і наваколлі лепіць з гліны, рэжа па дрэве, вышывае і г. д. Запрашаю людзей да нас. Харэографаў, балетмайстраў, рэжысёраў шукаю ў Інстытуце культуры. Да нас прыходзяць сапраўды таленавітыя, сумленныя і апантаныя. Але ж затрымліваюцца ненадоўга: калі з’яўляецца сям’я ды яшчэ даводзіцца здымаць жыллё, то працай у нас становішча не паправіш. На жаль, адпрацаваўшы па размеркаванні, моладзь звычайна сыходзіць. Але некаторыя з нашых настаўнікаў — нашы былыя выпускнікі, якія застаюцца з намі і надалей.

Згуртаванне гісторыкаў, навукоўцаў і мастакоў

Я  ведаю, што пры Цэнтры народнай творчасці ўтварылася сур’ёзная суполка вучоных, настаўнікаў, пісьменнікаў, журналістаў, якія вывучаюць гісторыю роднага краю. Раскажыце пра гэта.

 —Так, на базе цэнтра створана  гісторыка-краязнаўчае аб’яднанне “Прылуцкая спадчына”, душой якога з’яўляецца І. Т. Кароль — неверагодны чалавек. У свае 87 гадоў не перастае здзіўляць энергіяй, ведамі, энтузіязмам. Да таго як мы запрасілі яе ў цэнтр, Інэса Трафімаўна працавала ў Інстытуце аховы раслін, напісала дысертацыю, занялася гісторыяй інстытута, стварыла музей гэтай установы. І вось на пенсіі яна стварыла аб’яднанне “Прылуцкая спадчына”. Яе матэрылаў хапіла б на доктарскую  дысертацыю!  Дзякуючы ёй, а таксама гісторыкам Ігару Гатальскаму  і Анатолю Валахановічу (на жаль, ужо памерламу), мы вельмі шмат ведаем аб Прылуках і наваколлі. Да нас далучыўся доктар навук, прафесар медыцыны, акадэмік, лаўрэат дзяржаўнай прэміі  С. У. Федаровіч. На жаль, год таму ён пайшоў з жыцця. Прымкнуў да нас і мой сябар, кіраўнік нашай народнай выяўленчай студыі , член саюза мастакоў Мікалай Шулякоўскі. Яго таксама ўжо няма з намі.

У Прылуках таксама цікавая гісторыя ваеннага і пасляваеннга часу. У гады вайны ў палацы, які зараз займае Інстытут аховы раслін, месцілася  рэзідэнцыя гаўляйтэра Кубэ. У Прылуках жыла жанчына, якая памятала, як ён частаваў яе, малую,  цукеркамі. Калі Кубэ ўзарвалі, мясцовых жыхароў прымусілі стаяць пад дуламі аўтаматаў у чаканні расстрэлу. Нейкім цудам у апошні момант быў аддадзены загад не страляць.  Але шмат людзей было расстраляна ў Мінску…

Шмат увагі надаём культуры. Даследуем, хто з мясцовых выхадцаў праславіў Прылукі па-за іх межамі. Так  мы даведаліся, што мастак Іван Фартухаў, заслужаны работнік культуры Башкартастана, родам адсюль. Мы наладзілі з ім стасункі і зараз маем альбом з працамі мастака.  

Леанід Аляксандравіч, у мінулым годзе вы атрымалі званне Ганаровага грамадзяніна Мінскага раёна. І нават нумар пасведчання ў вас першы.

—Так, і калі я пра гэта даведаўся, то сказаў: “Ну, нарэшце, культура ў нас на першым месцы”. Лічу, што гэта  прызнанне працы  ўсіх работнікаў культуры Мінскага раёна, таму што годных людзей у нашым прысталіччы вельмі шмат.

Леанід Аляксандравіч, пра што вы марыце, якія планы выношваеце?

— Мару, каб у Прылуках быў пабудаваны сапраўдны палац культуры і каб мне давялося прыкласці да яго руку.  Вельмі хачу, каб усе нашы выхаванцы займаліся ва ўтульных, цёплых, абсталяваных класах, каб была зручная і прыгожая сцэна. Хачу, каб была гасцёўня з камінам для нашых наведвальнікаў. Увогуле хочацца стварыць такое месца, каб і стары і малады мог прыйсці і адпачыць душой і целам.

 Гутарыла Ганна ГАЛКОЎСКАЯ. Фота аўтара

Оставить комментарий: