Прысталiчча

Газета Минского района

«Зорны россып» юных талентаў



У Заслаўі пабачыў свет трэці агульнагарадскі зборнік дзіцячай творчасці «Зорны россып». Мы сустрэліся з юнымі творцамі і дарослымі, якія спрычыніліся да ўнікальнага праекта.
 
Усё ж такі багата заслаўская зямля на таленты і тых, хто разумее, як важна іх падтрымліваць. Прыкладна год таму давялося сустракацца з літаратурна адоранай моладдзю Заслаўя на міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў сталіцы. Тады прэзентаваўся другі калектыўны зборнік літаратурнай творчасці і выяўленчага мастацтва юных жыхароў старажытнага горада «Нашчадкі Рагнеды». Бездакорна прыгожае выданне выклікала жывы інтарэс удзельнікаў і гасцей выставы-кірмашу.
 
І вось зноў ёсць нагода завітаць на аганёк. Трэці зборнік творчасці дзяцей Заслаўя «Зорны россып» падрыхтаваны да друку за даволі кароткі час і выйшаў у мінскім выдавецтве «Чатыры чвэрці» пры падтрымцы Заслаўскага гарвыканкама і мясцовых прадпрыемстваў. Мімаволі ўзнікае пытанне: «І як ім гэта ўдаецца?»
 
– Тут лунае дух Рагнеды… – тлумачыць таленаві­тасць заслаўчан і паспяховасць іх творчага супрацоўніцтва старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Святлана Быкава.
 
Менавіта Святлане Анатольеўне, якая як паэтэса вельмі добра разумее цяжкасці станаўлення творчай індывідуальнасці, неабходнасць са­дзейнічаць разціццю творчых здольнасцей, дадзеных ад прыроды, некалькі год таму прыйшла цудоўная ідэя аб’яднаць юных зорачак Заслаўя і дапамагаць ім ззяць ярчэй. Чаму Заслаўе? Тут усё зразумела: гэта горад, у якім нара­дзілася і жыве Святлана Анатольеўна.
 
Спачатку пачалася сур’ёзная работа з літаратурным клубам пры Заслаўскай гімназіі «Ізяслаўцы». Пры дзвюх другіх сярэдніх навучальных установах горада, сярэдніх школах №1 і №2, дзейніча­юць літаратурныя аб’яднанні «Золак» і «Знічка». Творчае супрацоўніцтва завязалася і з імі. Да збору вершаў, казак, эсэ, замалёвак і іншых твораў юных аўтараў, да карэктуры тэкстаў далучыліся настаўнікі навучальных устаноў. Адчуваецца і значная падтрымка ўсіх трох кіраўнікоў агульнаадукацыйных устаноў горада. 
 
Кожны зборнік багата праілюстраваны навучэнцамі мастацкага аддзялення Заслаўскай дзіцячай школы мастацтваў, якім кіруе Ларыса Сакалова. Будучыя Манэ і Малевічы чытаюць творы сваіх равеснікаў, выбіраюць сюжэт або вобраз, што ім больш за ўсё спадабаўся, і ствараюць цудоўныя малюнкі. Здзіўляешся таленту і арыгінальнасці позірку на звыклыя рэчы юных мастакоў не менш, чым паэтычнай адоранасці і глыбыні думак маладых лірыкаў. 
 
Ёсць нават і тыя, хто піша і ілюструе свае літаратурныя творы самастойна. Гэтым ра­зам так рознабакова паказала сябе гімназістка Кацярына Зай­чанка. 
 
У нас ёсць магчымасць прадставіць заслаўскіх зорачак нашым чытачам, расказаць пра іх больш падрабязна. Гімназістка Ліза Скальская – адна з першых, каго ўзяла пад сваё творчае крыло Святлана Анатольеўна. Памятае, як суст­рэла тоненькую пяцікласніцу з агеньчыкамі ў вачах, быццам гэта было ўчора. Сёння Ліза ўжо васьмікласніца, узначальвае літаб’яднанне «Ізя­слаўцы». Яе творы ўключаны ў тры агульнагарадскія зборнікі дзіцячай творчасці. У скарбонцы дзяўчыны – перамогі на розных літаратурных конкурсах, яе вершы публікаваліся ў рэспубліканскай перыёдыцы. Святлана Быкава адзначае, што твораў у дзяўчыны даволі шмат. Паэтэса спадзяецца, што Лізе ўдасца дапамагчы выдаць свой асабісты зборнік вершаў. 
 
– Я пачала пісаць вершы ў трэцім класе, – гаворыць Ліза. – Маім першым чытачом стала матуля. Мама чытала мае вершы, ёй падабалася, але ў той жа час яна параіла паказаць іх камусьці яшчэ. Я ж вельмі баялася гэта рабіць. Упэўненасць з’явілася пасля сустрэчы са Святланай Анатольеўнай. Я падумала: чаму не? Я ж толькі вучуся, ніхто адразу не становіцца вопытным паэтам. Ды і што такое вопыт? Гэта час, назапашаныя веды, уменне аналізаваць, рабіць высновы, знаходзіць патрэбныя мастацкія сродкі для эмацыйнага ўздзеяння...
 
Марыць у сваіх творах дацягнуцца да зорак Кацярына Валовіч. Дзяўчына, як і Ліза, вучыцца ў гімназіі. 
 
– Паэтэса з надзвычай тонкай натурай. Калі піша, з галавой паглыбляецца ў працэс, аддае сябе творчасці цалкам. Яе вершы таксама публікаваліся ў першых двух агульнагарадскіх зборніках, – адзначае Святлана Анатольеўна. 
 
Як прызналася Каця, публікацыя вершаў для яе – штуршок наперад.
 
Яшчэ ў дзяцінстве Ксенія Шымановіч з Заслаўскай СШ №2 «гуляла ў паэтэсу». Абаяльная дзяўчына кажа, што піша вершы ў асноўным толькі тады, калі гэта з’яўляецца школьным заданнем. Ці калі нешта яе вельмі кранула. Паэтычны талент і добрае пачуццё слова, мяркуе Ксюша, – падарунак бацькоў: 
 
– Яны ў мяне вельмі творчыя людзі. 
 
Юная паэтэса грае на флейце, любіць працаваць з дзецьмі.
 
Вучаніца Заслаўскай СШ №1 Ганна Сінькевіч першы верш напісала ў другім класе: калі яна навучылася катацца на веласіпедзе, сваёй маленькай радасцю захацелася падзяліцца з іншымі. З той пары Ганна з паэзіяй на «ты», неаднаразова перамагала ў літаратурных конкурсах, друкавалася ў рэспубліканскіх СМІ. 
 
– Натхненне можа прыйсці ў любы момант. Тады кідаеш усё і пачынаеш пісаць. Часта думкі прыходзяць ноччу. Адразу пераношу іх на паперу, – расказвае суразмоўца.
 
У будучым Ганна марыць стаць мастачкай, але з паэзіяй расставацца не збіраецца.
 
Асабліва хвалюючы зараз момант для тых дзяўчат і юнакоў, хто друкуецца ўпершыню. Першая спроба пяра ў Паліны Арышчынай і Валерыі Гаўрыльчык з Заслаўскай СШ №1. 
 
– Вельмі перажываю, ці спадабаецца тое, што я пішу, чытачам, – прызнаецца Паліна. – І адначасова вельмі ганаруся. Ніколі б не падумала, што такая неверагодная падзея здарыцца ў маім жыцці!
 
Дзяўчынкі дзякуюць сваім настаўнікам і Святлане Быкавай. Валерыя расказвае пра сваю матулю, якая на шосты дзень народзінаў дачкі напісала і прысвяціла ёй верш. 
 
– Матуля і ёсць маё натхненне, – упэўнена Валерыя.
 
Той, хто хоць крыху разбіраецца ў кніжнай справе, ведае, што добры ілюстратар на вагу золата. У гэтым сэнсе маладым заслаўскім паэтам пашчасціла. Вось ужо трэці раз запар іх зборнік упрыгожваюць малюнкі таленавітых вучняў мастацкага аддзялення Заслаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Для «Зорнага россыпу» маладыя мастакі стварылі 45 малюнкаў. Загадчыца мастацкага аддзялення Ларыса Сакалова знаёміць з аўтарам малюнка для вокладкі Палінай Кузьмянок з Сёмкаўскай СШ. Ёй 12. Паліна дэманструе сваю карціну ў арыгінале. Начное Заслаўе. Злева – царква Праабражэння Гасподняга, справа – касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі. Неба расквецілі зоркі, а на пярэднім плане – дзяўчына, занятая сваімі думкамі. Можа, нават паэтка або мастачка… 
 
Стаць у 12 год аўтарам вокладкі для кнігі – вялікая ўдача, за якой стаіць штодзённая праца. Паліна шмат займаецца. Вось і напярэдадні сустрэчы з журналістам да поз­няй ночы рыхтавала карціну для выставы ў Нацыянальным гістарычным музеі.
 
З першага зборніка супрацоўнічае з паэтамі вучань мастацкага аддзялення Міша Кралько. Хлопчык мае арыгінальны мастацкі почырк. Для яго не існуе прафесіі мастака. Міша лічыць, што творчасць – гэта лад жыцця. 
 
Упершыню змешчаны ў зборніку малюнкі іншых таленавітых мастакоў – Сафіі Русак, Арыны Сідорык, Улада Ставера. Сафія нядаўна была адзначана ўзнагародай у міжнародным конкурсе «На сваёй зямлі». Да таго ж яна віртуозная піяністка, займаецца вакалам. Арына прайшла першы этап адбору на мастацкі фестываль, які адбудзецца ў Львове. Таксама ходзіць на вакал. Улад упэўнена трымае пэндзаль у руцэ з маленства. Хлопчык таксама добра вучыцца, займаецца плаваннем, іграе на гітары. 
 
Колькі талентаў! Несумненна, пра іх мы яшчэ пачуем і не раз. Трэба дзякаваць лёсу за тое, што Заслаўе своечасова падтрымлівае сваю моладзь, дапамагае яе ўсебаковаму развіццю. Пачуць вершы маладых паэтаў і ўбачыць творы юных мастакоў Заслаўя можна будзе заўтра, 1 чэрвеня. Прэзентацыя трэцяга агульнагарадскога зборніка «Зорны россып» адбудзецца ў дзіцячым парку культуры і адпачынку падчас святочнай праграмы, прымеркаванай да Міжнароднага дня абароны дзяцей. 
 
Святлана ВАШЧЫЛА
 
Не прапусціце!
 
Свята, прысвечанае Міжнароднаму дню абароны дзяцей і Сусветнаму дню без тытуню, пройдзе 1 чэрвеня ў дзіцячым парку культуры і адпачынку ў Заслаўі. Пачатак а 12-й гадзіне. У праграме «Свята здаровага дзяцінства»:
 
n канцэрт дзіцячых творчых калектываў горада;
n прэзентацыя зборніка калектыўнай творчасці юных заслаўчан «Зорны россып»;
n конкурс дзіцячага малюнка на асфальце «Дзеці супраць курэння»;
n конкурсна-гульнявая праграма «Жыве на ўсёй планеце народ вясёлы – дзеці»;
n квэст для дзяцей 3-4 гадоў «Даша-вандроўніца»;
n дэтэктыўны квэст;
n спартыўныя конкурсы;
n конкурс на лепшы слоган супраць курэння;
n турнір па надзіманні паветраных шароў;
n танцавальны флэшмоб «Паліць ужо не модна».

Оставить комментарий: