Прысталiчча

Газета Минского района

Любоўныя раманы здаюць пазіцыі перад класікай



 Кожны год у першую нядзелю верасня наша краіна адзначае нацыянальная свята – Дзень беларускага пісьменства. 5–6 верасня сталіцай урачыстасцей сталі Бялынічы. Галоўны герой свята – беларуская кніга як сімвал духоўнасці, ведаў і нацыянальнай свядомасці. Напярэдадні Дня беларускага пісьменства мы зацікавіліся, а ці запатрабавана кніга ў паўсядзённым жыцці. На гэтае пытанне нам адказала бібліятэкар Прылуцкай сельскай бібліятэкі Іна Блоцкая.

За мінулы год бібліятэку ў Прылуках наведалі больш за 700 чытачоў. Для аграгарадка з насельніцтвам каля 6300 чалавек гэта даволі шмат.

«Прыходзяць людзі рознага ўзросту: і маладыя мамы з дзеткамі, і школьнікі, і людзі сярэднага ўзросту, і тыя, хто ўжо на пенсіі», – расказвае Іна Уладзіміраўна. Бібліятэкар адзначае, што апошнім часам маладыя людзі звяртаюцца да класікі, а дэтэктывы і любоўныя раманы здаюць свае пазіцыі.

Якраз перад маім наведваннем з Цэнтральнай раённай бібліятэкі ў Прылукі прывезлі больш за 50 кніг на любы густ. Сярод іх шмат беларускамоўных твораў, якія выйшлі ў 2020 годдзе.

Іна Уладзіміраўна паказвае мне кнігу У. Шырко «Прынёманскія плытагоны», якая пабачыла свет у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». У цэнтры аповеда – тры пакаленні сям’і Лешукоў: мудры дзед Алесь, выдатны плытагон Андрэй і яго сын Паўлюк, які стаў Героем Савецкага Саюза. Галоўная лінія рамана – каханне Паўлюка і сталічнай медсястры Святланы.

Сапраўдным адкрыццём для тых, хто цікавіцца беларускай культурнай спадчынай і знакамітымі землякамі, стане энцыклапедычны шматтомнік «Гісторыя праз лёсы» А. Марціновіча. Ён выйшаў у выдавецтве «Беларуская навука». Мне ў рукі трапіў Том 8, выдадзены ў 2020 годдзе. Вы ведалі, што, напрыклад, знакаміты Мікалай Пржавальскі быў беларусам? Кранальная гісторыя прысвечана сыну святара з рэчыцкага павета Іосіфу Гашкевічу – дыпламату, выбітнаму мовазнаўцу, даследчыку Японіі і Кітая. Асобная частка ў кнізе адведзена прадстаўнікам знакамітага роду Алелька, якія зрабілі свой вялікі ўнёсак у развіццё беларускай культурнай спадчыны.

Іншае гучанне ў серыі кніг «Вера. Надзея. Любоў», якая на працягу некалькіх гадоў выходзіць у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Гэта творы беларускіх пісьменнікаў розных пакаленняў, прысвечаныя каханню.

Да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчынная вайне выдавецтва «Чатыры чвэрці» стварыла серыю «Дзеці вайны» – 24 кнігі ўспамінаў пра жыццё, апаленае вайной.

Шмат кніг на роднай мове адрасавана чытачам дашкольнага і школьнага ўзросту: казкі і вершы, зборнікі апавяданняў і аўдыёкнігі.

«Беларуская літаратура – асаблівая, – кажа Іна Уладзіміраўна. – Калі на душы асабліва цяжка, яна як глыток свежага паветра». І я з ёю цалкам згодна, бо таксама часта прыбягаю да гэтых лекаў.

Пазнаёміцца з навінкамі, а таксама знайсці неабходную кнігу можна на сайце Мінскай раённай цэнтральная бібліятэкі mrcb.by. І калі ў вашай сельскай бібліятэцы гэтага выдання няма, бібліятэкар замовіць кнігу і яе прывязуць менавіта для вас.

Ганна ГАЛКОЎСКАЯ

Фото: Инна Блоцкая

Оставить комментарий: