Прысталiчча

Газета Минского района

Майстэрня – дома, а імя сына – ў гонар вялікага князя



 – Я заўсёды казала, што ў кожным з нас ёсць мастак: усе дзеці пачынаюць маляваць амаль з нараджэння – ці палачкай на пяску, ці фарбамі ў альбоме. Колькі сябе памятаю, я пастаянна малявала, бо ў мяне ўвесь час была цяга да гэтага занятку, – пачынае расказ пра сябе заслаўская мастачка Анастасія Балыш. Яе работы захоўваюцца ў Мядзельскім музеі народнай славы, музеі-запаведніку «Заслаўе», аршанскім Музеі У. С. Караткевіча, у прыватных калекцыях Беларусі, Нідэрландаў, Фінляндыі, Ізраіля, Аўстраліі, Чэхіі, Англіі, Казахстана, Расіі і іншых краін. Яны сталі часткай калекцыі карцін Tears of Happiness», што ў Вялікабрытаніі. Да таго ж Анастасія – куратар міжнароднага мастацкага пленэру «Заслаўскі спас» і кіраўнік Праваслаўнага культурнага цэнтра Парфірыя Заслаўскага. Сёння мастачка адкрывае дзверы сваёй майстэрні і для чытачоў «Прысталічча».

«Заслаўскі спас» – у ліку любімых праектаў
Анастасія Балыш – чалавек разнастайнасцей. Яна ніколі не абмяжоўвалася адным толькі жывапісам, а спрабавала сябе ў розных кірунках: пісала вершы, займалася журналістыкай, спявала ў хоры. Калі надышоў час выбіраць месца будучай вучобы, дзяўчына падала дакументы ў БДПУ імя Максіма Танка, каб стаць выкладчыкам выяўленчага мастацтва. Паступіла. Гэты выбар і стаў лёсавызначальным.
Сёння мастацкая творчасць – неад’емная частка штодзённага жыцця Анастасіі Балыш. Майстэрня мастачкі – адзін з пакояў яе дома ў Заслаўі. Кажа, што так зручней.
– Усвядомлена, як мастак, я пачала ствараць карціны ўжо пасля нараджэння першага дзіцяці. Тады ж, у 2008 годзе, стала ўдзельнічаць у выставах у Беларусі і за мяжой, калектыўных і персанальных. А далей – цікавыя праекты, удзел у пленэрах, перформансах… – узгадвае Анастасія. 
Яе першая персанальная выстава праходзіла ў Мядзельскім музеі народнай славы.
– Усе мае сваякі родам з Мядзельшчыны, і для мяне выстава была ўдвая знакавай, у чымсьці нават сямейнай. Я публічны чалавек, таму амаль не хвалявалася перад такой важнай падзеяй. У Мядзеле дэманстравалася і мая першая карціна. На ёй я намалявала цяжарную жанчыну, якая сядзіць у гняздзе. Вось такая алюзія, – адзначае мая суразмоўца.
Анастасія прызнаецца, што ёй было б сумна толькі пісаць карціны. Таму чаргуе віды дзейнасці. Адзін з напрамкаў – ілюстраванне дзіцячых кніг, якія выдаваліся ў Беларусі, Расіі і нават у ЗША.
– Мае першыя ілюстрацыі зроблены для кнігі азербайджанскага аўтара, перакладчыцы замежных казак. Гэта быў каштоўны вопыт… Калі пасля ўзяла ў рукі выдадзеную кнігу са сваімі ілюстрацыямі, то проста скакала ад шчасця. Потым працавала з беларускімі выдавецтвамі. А нядаўна ілюстравала падручнікі па шахматах для школы шахмат ФІДЕ ў Мінску. Год таму па замове аўтара кнігі і псіхолага занялася серыяй карцін пра планаванне дзяцей і іх нараджэнне.
Мастачка таксама захацела паспрабаваць сябе ў ролі куратара, займалася некаторымі буйнымі куратарскімі праектамі. Адзін з самых значных – арганізацыя і правядзенне ў Заслаўі міжнароднага мастацкага пленэру «Заслаўскі спас». Мерапрыемства адбылося ўжо двойчы. У 2019 годзе ў пленэры ўдзельнічалі прадстаўнікі Беларусі, Украіны, Польшчы, Расіі, Партугаліі, Іспаніі, ЗША. Большасць замежнікаў удзельнічалі дыстанцыйна. Яны актыўна вывучалі тэму пленэру, а потым дасылалі арганізатарам свае работы. Непасрэдна наведалі прысталічча амерыканцы. Тады ў форуме прымалі ўдзел 130 чалавек – дарослыя і дзеці. Малодшаму ўдзельніку было ўсяго 2 гады, а старэйшаму – 75 (гэта вядомы беларускі мастак Віктар Данілаў).
– Падчас арганізацыі «Заслаўскага спаса» я выкарыстала ўвесь свой разнастайны вопыт, – дадае Анастасія. – Мы падтрымліваем актыўныя стасункі ў сацыяльных сетках: у нас ёсць суполкі ў інстаграме і фэйсбуке, робім рассылку для мастацкіх устаноў адукацыі, запрашаем усіх жадаючых. Спадзяюся, што сёлета ў нашых замежных удзельнікаў атрымаецца прыехаць у Заслаўе. Наш пленэр шукае спонсараў і партнёраў, таму запрашаем і тых, хто можа дапамагчы нам у арганізацыі.
Кіраўніцтва Праваслаўным культурным цэнтрам Парфірыя Заслаўскага – асобная старонка дзейнасці мастачкі. Праваслаўны цэнтр атрымалася арганізаваць дзякуючы выйгранаму год таму гранту. Для цэнтра набылі абсталяванне, зрабілі рамонт ў вежы Спаса-Праабражэнскай царквы. Зараз у вежы праводзяцца майстар-класы па саломапляценню, валенню з воўны, каліграфіі. А яшчэ там арганізоўваюць выставы.
– Пачала займацца іконапісам. Так, напрыклад, распісвала іканастас для храма ў Мядзельскім раёне. У аднаўленні гэтай святыні ўдзельнічае ўжо чацвёртае пакаленне маёй сям’і, – з гонарам кажа Анастасія Балыш. – Я заўсёды адкрытая да чагосьці новага.
Сям’я, гісторыя і рэлігія – тры кіты творчасці
Адкуль і як з’яўляюцца ў мастачкі ідэі і сюжэты для карцін? Па словах Анастасіі, вобразы нараджаюцца нечакана і ў розных абставінах.
– Мая творчасць моцна звязана з маёй сям’ёй, таму часта адбываецца так, што я гатую суп і адначасова дапісваю карціну, – усміхаецца суразмоўца. – Мабыць, гэта мой стыль. Пакуль не магу засяродзіцца толькі на творчасці і максімальна ў яе пагрузіцца. Наколькі хутка атрымліваецца напісаць карціну? Гэта залежыць ад шматлікіх фактараў, у тым ліку ад магчымасці ўдзяліць больш часу на яе стварэнне. Штосьці я напісала за тры дні, а над іншай карцінай працавала больш за месяц… Шмат часу патрабуецца для напісання ікон, бо гэты працэс удумлівы, карпатлівы… 
Гістарычная тэматыка – ключавая ў творчасці мастачкі:
– Я пісала Рагнеду, Еўфрасінню Полацкую, Ізяслава, Бону Сфорца, Барбару Радзівіл і іншых выбітных асоб Беларусі. Жыву ў Заслаўі, а гісторыя тут адчуваецца на кожнай вулачцы. Асабіста мяне цікавяць часы заснавання і станаўлення Вялікага Княства Літоўскага. Дарэчы, майго сярэдняга сына завуць Альгердам.
У 2016 годзе адзначалася 700-годдзе з дня нараджэння князя Альгерда. Анастасія Балыш пісала карціну «Вялікі Альгерд» для рэспубліканскай выставы, прысвечанай гэтай юбілейнай даце, і чакала нараджэння свайго другога сына. Каб стварыць вобраз гістарычнай асобы, зрабіць яго рэалістычным, трэба добра ведаць тэму. Мастачка пачала вывучаць неабходную літаратуру, звесткі пра вялікіх князёў, старыя гравюры. Яе вельмі ўразіў Альгерд, яго барацьба за ўладу, паходы на Маскву. Асоба князя так захапіла ўсю сям’ю, што было вырашана назваць будучага сына Альгердам.
– Сярод усіх маіх карцін цяжка вылучыць якую-небудзь адну, любімую, – гаворыць Анастасія Балыш, калі мы нарэшце заглядаем у яе майстэрню. – Самая актуальная і важная для меня – тая, эмоцыі ад напісання якой яшчэ свежыя на дадзены момант. Часам пачынаеш работу над новай карцінай і ўжо не памятаеш, што было намалявана на папярэдняй. Але некаторыя памятаеш заўжды… Напрыклад, «Вялікага Альгерда». Бо для мяне гэта знакавая і адметная работа.
Анастасія па магчымасці ўдзельнічае ў рэспубліканскіх выставах, якія арганізоўвае Беларускі саюз мастакоў. У апошні час імкнецца працаваць з іншымі творцамі і рабіць групавыя праекты. Ставіць задачу ўразіць і зацікавіць гледача, навучыць яго разумець аўтарскі пасыл:
– Заўсёды хочацца, каб выстава была цэласная, а кожны яе этап – асэнсаваны. Экспазіцыя і размяшчэнне карцін на выставе – асобная і важная частка працы. Ёсць адказнасць за тое, што ты транслюеш. Хочацца, каб чалавек, які вырашыў паглядзець на твае карціны, задумаўся і пачаў разважаць.
Сяргей САЛАНКЕВІЧ

Оставить комментарий: