Прысталiчча

Газета Минского района

Юрый САНЬКО: «Вялікдзень уносіць сэнс у разуменне штодзённасці»



– Свята Пасхі мае некалькі аспектаў. Найперш гэта ўспамін пра фарміраванне ізраільскага народа, які быў цудоўным чынам выведзены з егіпецкай няволі. Пасха – гэта для нас вялікі сімвал таго, што мы атрымліваем, калі мы вольныя, – кажа ксёндз Юрый Санько, часова выконваючы абавязкі прэс-сакратара Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. 
 
– Пасха для кожнага чалавека – верніка і няверніка – мае вялікае значэнне, таму што Бог выводзіць нас з рабства граху. 
Жадаю, каб у сэрцы кожнага з нас уваскрос Хрыстус, Які прыходзіць у гэты свет не каб асудзіць і сказаць, якія мы дрэнныя, але для таго, каб моцна абняць і сказаць: «Як я цябе люблю!». І гэта вельмі важна, каб мы адчулі гэтую любоў. Нам сёння так не хапае яе! Мы настолькі замучаныя штодзённасцю, якая нас не выпускае. І чалавек не бачыць сутнасці свайго жыцця, не бачыць яго радасці. Вялікдзень уносіць сэнс у разуменне штодзённасці, у тыя выпрабаванні, з якімі мы сутыкаемся. Бо мы разумеем, што не ўсё заканчваецца толькі, напрыклад, у хваробе альбо ў перажываннях. Гэта чалавек бачыць вельмі коратка, Бог жа бачыць, што чакае нас за паваротам, за скрыжаваннем…
 
– Як вы лічыце, што самае важнае ў чаканні Вялікадня? Як да свята рыхтавацца?
 
– Кожная святая імша, можна сказаць, – новая Пасха, якая адбылася дзве тысячы гадоў таму, калі ўваскрос Хрыстус, перайшоўшы ад смерці да жыцця. Яна адбываецца кожны дзень. Таму што Бог – вечны… 
 
Мы рыхтуемся да свята на працягу сарака дзён. Вялікі пост заканчваецца ў Вялікі чацвер. Ужо ўвечары распачынаецца святы пасхальны трыдыум – тыя тры важныя падзеі, якія мы згадваем, перш чым пачнём святкаваць Пасху. Вялікі чацвер – устанаўленне Еўхарыстыі, калі мы становімся сведкамі фізічнай прысутнасці Бога сярод нас. Таму што перамяняючы хлеб у Сваё цела, віно ў Сваю кроў, Ён прысутнічае сярод нас фізічна. Гэта такі незвычайны дар! І Бог такім чынам падкрэслівае, як Ён любіць нас, як перажывае за нас, каб мы сапраўды маглі гарманічна развівацца ў гэтым свеце. У Вялікі чацвер мы ўспамінаем Таемную вячэру. У той жа дзень Хрыстус быў схоплены і кінуты ў вязніцу. 
 
Вялікая пятніца – дзень глыбокай малітоўнай задумы. Таму што адбываецца ўспамін «выбаўлення мяне з маіх грахоў». Хрыстус нясе крыж за мяне, за мае правіны. І гэта адзіны дзень, калі не адпраўляецца святая імша. Але Касцёл збіраецца ўвечары на набажэнства, Касцёл ва ўсім свеце схіляецца над крыжам. Сімвал, які, здавалася, быў сімвалам ганебнай смерці, становіцца сімвалам праслаўлення, нашага збаўлення, жыцця. І ў гэты дзень мы просім быць вернымі свайму штодзённаму крыжу. Ніхто за нас не будзе несці яго. Бог кажа: «Калі хочаш жыць у праўдзе, калі хочаш жыць у супакоі, вазьмі свой крыж і ідзі за Мною»…
 
Вялікая субота – дзень цішыні, калі мы збіраемся ў святыні на працягу дня і молімся пры труне Пана. Згадваем той момант, калі Хрыстус быў пакладзены ў грабніцу. 
 
І ўвечары мы ўжо пачынаем святкаваць Пасху. 
 
А ў нядзелю ад самай раніцы таксама ідуць радасныя літургічныя службы, святочныя, урачыстыя. 
 
Яшчэ кажуць, што ў гэты дзень сонейка танцуе, скача. Калі сапраўды ўглядаешся, як яно ўзыходзіць, такое пачуццё, што ў гэты дзень яно незвычайнае, крыху іншае… 
 
Пазней мы запрашаем вернікаў, каб у коле сям’і яны дзяліліся той радасцю, тым супакоем, любоўю, якімі напоўніліся на святой імшы. І каб адведалі знаёмых, адзінокіх людзей, якія жывуць побач. Таксама ім занеслі праменьчык гэтага святла Божага Уваскрэсення. 
 
– Цікава паслухаць аб вашым стаўленні да посту. У чым вы бачыце яго сэнс?
 
– Касцёл дае чалавеку магчымасць індывідуальна падысці да посту. Пост – калі я выракаюся мясных страў, гэта малітва, адносіны з Богам, калі больш увагі звяртаю на сваё духоўнае жыццё і ахвярнасць. Калі звяртаю ўвагу на блізкага, на яго патрэбы, на яго хваробы, каб быць побач, падтрымаць. 
 
– У гэтым годзе каталіцкі Вялікдзень супадае з праваслаўнай Вербніцай. Ці будзеце вы неяк віншаваць праваслаўных?
 
– Канешне. У нашым грамадстве сем’і змешаныя. Памятаю з дзяцінства, як мы заўсёды святкавалі дзве Пасхі. Мама пякла булкі і ў Вялікую суботу каталіцкую, і ў Вялікую суботу праваслаўную. Гэта святы, якія мы павінны святкаваць разам. І ў касцёлах заклікаем вернікаў, каб павіншавалі сваіх родных і блізкіх. Гэта традыцыя беларускага народа, калі мы можам быць разам у такія вялікія святы, віншуючы адно аднаго – каталікі праваслаўных і праваслаўныя каталікоў. Гэта прыгожа. Так павіна быць. 
 
– Які Вялікдзень самы памятны для вас? 
 
– Як і чалавек узрастае, так і нашы перажыванні Пасхі ўзрастаюць. У дзяцінстве ты, можа, больш увагі звяртаеш на вонкавыя рэчы, пафарбаваныя яйкі, стравы. Калі ты сталееш, звяртаеш больш увагі на духоўныя справы, а будучы святаром, ты ўжо больш перажываеш, каб вернікі былі падрыхтаваны да свята Пасхі, да гэтых святых дзён. Каб разам, як адна парафіяльная сям’я, супольнасць, па-Боскаму падрыхтавацца і перажыць гэтыя дні…
 
Хачу пажадаць чытачам газеты вялікай радасці і супакою. Таму што ў супакоі знікае страх. Знікае няўпэўненасць. І таму жадаю, каб гэтыя дні былі напоўнены радасцю, супакоем, любоўю адно да аднаго, каб мы захацелі перамяніць сваё жыццё. Калі чалавек не мяняе сваё жыццё, Пасха становіцца звычайным каляндарным святам. Таму я жадаю, каб гэта быў Вялікдзень, які пераменіць наша жыццё, адносіны ў сем’ях, каб было гэтае аднаўленне. Толькі тады мы зможам сапраўды перажыць Пасху, якая будзе сведчыць аб тым, што 
я – чалавек.
 
– Дзякуй за інтэрв’ю! Вас таксама з надыходзячым святам!
 
Вера КАРАНЕЦ

Оставить комментарий: