Прысталiчча

Газета Минского района

Як святкавалі «папяровае» вяселле ў Наваселлі



Аддзел ЗАГС Мінскага райвыканкама  правёў выяздны семінар-нараду спецыялістаў сельскіх, Заслаўскага гарадскога і Мачулішчанскага пасялковага выканкамаў, якія займаюцца рэгістрацыяй актаў грамадзянскага стану. 

Мы пачнем гаворку аб мерапрыемстве з яго практычнай часткі — вясёлай і гучнай, шматколернай і запамінальнай. Два гады таму ў Гаранскім сельвыканкаме, будынак якога знаходзіцца ў вёсцы Наваселле, зарэгістравалі свой шлюб Аляксандр і Юлія  Антоненкі (на здымку). Такую дату ў народзе называюць “папяровым” вяселлем. З гэтай нагоды маладых людзей і запрасілі ў сельсавет, каб падчас семінара-нарады прадэманстраваць яго ўдзельнікам прыгожы народны абрад у выкананні сапраўдных майстроў. Святочная пастаноўка паслужыла яшчэ добрым узорам для правядзення падобных урачыстасцяў у іншых сельвыканкамах Мінскага раёна. 

Упраўляючая справамі Гаранскага сельвыканкама Вольга Антоненка — адна з актыўных удзельніц ансамбля народнай песні “Скарбніца” Навасельскага СДК. Таму ў сцэнарыі правядзення “папяровага” вяселля гэтаму калектыву адводзілася, бадай, галоўная роля. Сама Вольга Пятроўна ў нацыянальным беларускім строі (як і іншыя  самадзейныя артысты) і рэгістравала шлюб, і выступала ў ролі вядучай вяселля. Цёплае сонечнае надвор’е ў той дзень дазволіла на некалькі хвілін затрымаць маладых на двары, каб павітаць іх вясёлымі прыпеўкамі, жартаўлівымі падарункамі і пажаданнямі сямейнага шчасця з пэўным сэнсам ды мудрымі намёкамі. 
 
Асноўная ж дзея разгарнулася ў зале ўрачыстых рэгістрацый, якая пасля рамонту зіхацела, быццам каралеўскі палац. Сюды маладыя, якіх дзеці абсыпалі зернем — сімвалам багацця, падымаліся праз калідор рушнікоў, утвораны артыстамі “Скарбніцы”. З віншаванняў прысутныя маглі даведацца, што  будучыя муж і жонка пазнаёміліся ў вёсцы Новае Поле, дзе нарадзілася прыгажуня Юля. Яна Аляксандру спадабалася з першага погляду. Парадаваліся іх васьмімесячнай дачушцы Настачцы, якую клапатлівая нянька вынесла ў залу і перадала бацькам, што стаялі на шлюбным рушніку. Сімвалічна, што такая дзея праходзіла напярэдадні Пакрова Прасвятой Багародзіцы і Дня маці. 
 
Сёлета ўпершыню ў такім мерапрыемстве прыняла ўдзел першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінскага аблвыканкама Ірына Пелікавец. 
 
Віншавалі маладых начальнік аддзела ЗАГС Мінскага райвыканкама Алена Бурачэўская, старшыня Гаранскага сельвыканкама Іван Чудакоў, ўдзельнікі семінара-нарады.
 
Думаецца, што Аляксандр і Юля засталіся вельмі задаволены правядзеннем свайго “папяровага” вяселля. З другога боку, яны і не здагадваюцца, што ім проста пашанцавала. Магчыма, ужо хутка  падобныя мерапрыемствы будуць праводзіцца на платнай аснове. 
— У хуткім часе мы чакаем выхаду Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, у якой будзе прадугледжана пашырэнне сферы платных паслуг органамі і ўпаўнаважанымі ЗАГС, — адзначыла Алена Бурачэўская. — Таму будзем праводзіць не толькі сярэбраныя, залатыя юбілеі, але па жаданні грамадзян любую сямейную ўрачыстасць мы павінны зрабіць, як сапраўднае свята. Але гэта ўжо будуць платныя паслугі. І на прыкладзе “папяровага” вяселля ў Наваселлі мы паказалі, як гэта магчыма арганізаваць у лепшых традыцыях нацыянальнай культуры. 
 
Усё ўбачанае не абавязкова паўтараць дакладна. Кожны з упраўляючых справамі ці са спецыялістаў па рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану (апошія працуюць у 8 мясцовых выканкамах) вырашае, як правесці такую ўрачыстасць у адпаведнасці з канкрэтнымі ўмовамі і пажаданнямі грамадзян. І кожную дату, не абавязкова юбілейную, можна адзначыць ярка і запамінальна.
Апошнім адрасам семінара-нарады стала наведванне Навапольскага аграрна-эканамічнага каледжа.
 
Алена Бурачэўская расказала, што кожны год падчас такіх семінараў наведваюцца розныя адметныя прысталічныя мясціны. Чаму б маладым, якія ўступаюць у шлюб, не прадугледзець ускладанне кветак у прыгожым гістарычным парку “Друцка-Любецкі маёнтак”, не ўшанаваць подзвіг партызанскай брыгады імя Шчорса, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны гераічна змагалася з нямецкімі акупантамі. Дарэчы, пра гэту старонку гісторыі падрабязна расказваюць экспанаты музея, створанага ў Навапольскім каледжы.

Міхась ВЯРГЕЙЧЫК, фота аўтара 
 

Тема : Автор Михаил ВЕРГЕЙЧИК,

Тема : традиции,

Тема : Минский район,

Тема : Пристоличье

Оставить комментарий: