Прысталiчча

Газета Минского района

Лясіны — сястра Хатыні…



Лясіны… Сучасная вёска з такой назвай з’явілася як птушка Фенікс на месцы іншай — Халімонаўкі, назва якой ужо згубілася ў памяці жыхароў, і засталася толькі на старых картах ды ў архіўных запісах.

У чым закавыка паміж назвамі вёсак “Лясіны — Халімонаўка”. Гісторыя гэтая не унікальная для перыяду ваеннага ліхалецця, але ад таго не менш драматычная і трагічная. Вёска Лясіны — сястра Хатыні. Але у вядомым мемарыяльным комплексе яна не адзначана. Бо жыхары ўзнавілі яе назву ў іншым паселішчы. Многія жыхары сучасных Лясін нават і не здагадваюцца пра тое, што яны маглі быць … халімонаўцамі...

Канешне, перайменоўваць сучасныя Лясіны ў Халімонаўку не абавязкова, гэта складанае справаводства, звязанае з пераафармленнем дакументаў, і людзі даўно ўжо пры-звычаіліся да назвы. Але важна, каб жыхары вёскі ведалі сваё мінулае. Як казалі нашыя мудрыя продкі, без гістарычнай памяці, ведання сваёй прыроды, радаслоўнай сваіх бацькоў і прадзедаў, мінулага роднай зямлі, чалавек не можа будаваць сваёй будучыні.

Крыху гісторыі… У сярэдзіне мая 1943 года юныя і сталыя насельнікі вескі Лясіны былі знішчаны. Іх спалілі ў гумне па загадзе сумна вядомага начальніка СС Мінска Курта фон Готберга, а выканаў яго распараджэнне не менш сумна вядомы камандзір асобага батальёна штурмбанфюрэр СС Дзірлевангер, які праводзіў карныя акцыі супраць партызан і мірных жыхароў у раёне Плешчаніц, Докшыц, Лепеля, Бягомля. Сярод яго злачынстваў і Хатынь…

З Лясінаў (на той час вёска належала Лагойскаму раёну) выратавацца змаглі толькі васямнаццаць чалавек, і то толькі з той прычыны, што знаходзіліся ў іншых вёсках на палявых работах. Пасля вайны лёс быў няміласцівы і да тых, хто вярнуўся ў Лясіны, дакладней, на папялішча. Некалькі ўцалелых хат — яшчэ не вёска. Каб жыць, трэба было працаваць, таму людзі пера-браліся ў суседнюю вёску Халімонаўка, дзе былі лепшыя ўмовы для працы.

У хуткім часе жыхары спаленых двароў, у знак ушанавання аднавяскоўцаў перайменавалі тагачасную Халімонаўку ў Лясіны. (Зараз гэта вёска знаходзіцца на тэрыторыі Папернянскага сельскага Савета ў Мінскім раёне). Пра тое, дзе былі сапраўдныя Лясіны, нагадвае толькі абеліск, устаноўлены ў 1965 годзе. Пэўны час спіс жыхароў спаленай вёскі лічыўся страчаным, але ў 2003 пашчасціла знайсці некаторыя імёны, і яны былі выгравіраваны на абеліску.

У рэдакцыю звярнуўся Генадзь Мікалаевіч Крывец з просьбай рассказаць гісторыю дзвюх вёсак на старонках нашай газеты. Генадзь Мікалаевіч займаецца краязнаўствам і падаў у рэдакцыю шмат гісторыка-энцыклапедычных даўніх і сучасных крыніц, а таксама за-сведчаныя подпісамі ўспаміны сведак, якія ўсе разам пацвярджаюць відавочнае. Але справа не толькі ў назвах вёсак: Генадзь Мікалаевіч папрасіў надрукаваць імёны тых, хто стаў ахвярамі вайны ў першародных Лясінах. Каб не зніклі разам з паселішчам у полымі вайны ды ў чалавечай памяці іх імёны. Верагодна, хтосьці знойдзе сярод гэтых прозвішчаў сваіх родзічаў.

Імёны друкуюцца згодна спісу, без унясення карэктыў згодна сучаснаму правапісу.

 Таццяна Скакун.

Тема : краязнаўства

Оставить комментарий: