Звыш двух тысяч трохсот гектараў палеткаў засеяна сёлета збожжавымі і зерне-бабовымі культурамі ў ААТ “Рапс”, і зразумела, каб зжаць такі клін, хлебаробы стараюцца выкарыстаць не толькі кожны спрыяльны дзень, але і кожную гадзіну.
Хоць да фінішнай прамой уборачнай кампаніі яшчэ далёка, але ў гаспадарцы ўжо намеціліся і лідзіруючыя экіпажы, і вадзіцелі на адвозцы збожжа ад камбайнаў.
Так, на 29 ліпеня больш за астатніх намалаціў экіпаж у складзе старшага камбайнера Алега Канаплёва і камбайнера Віталя Маліноўскага. Па папярэдніх падліках другое і трэцяе месцы займаюць экіпажы Мікалая Жгуна-Сяргея Нагорскага і Дзмітрыя Паўлоўскага-Алега Балвановіча.
Лепшыя вынікі на адвозцы збожжа ў Уладзіміра Русака, Пятра Жгуна і Юрыя Жгуна.
Каб рупліўцы працавалі плённа, у гаспадарцы робіцца ўсё магчымае: і запчасткі да камбайнаў, калі патрабуецца вязуць адразу як паступае заяўка, і абеды гатуюць смачныя, і вада халодная ў спёку вельмі дарэчы. Ну, і, канешне, кожны з хлебаробаў ведае з дакладнасцю да рубля свой дзённы заробак.
А на днях кіраўніцтва ААТ “Рапс” распрацавала дадатковыя
ўмовы заахвочвання на жніве. Так, за намалот першай тысячы тон збожжа камбайнеры, таксама як і вадзіцелі, якія адвязуць тысячу і больш тон збожжа ад камбайнаў, змогуць атрымаць адзін мільён рублёў прэміі, за другую тысячу тон — два, і г.д.
На здымках: старшы камбайнер Мікалай Жгун; вадзіцелі на адвозцы збожжа Уладзімір Русак і Пётр Жгун.
Таццяна Гацура.
Плённа працуюць хлебаробы
Пятница, 30.07.2010 15:25; Рубрика: Вести АПК, Твои люди, Пристоличье








